СІНА́П АРЛО́ЎСКІ,

позназімовы сорт яблыні. Выведзены ва Усерас. НДІ селекцыі пладовых культур скрыжаваннем сартоў Сінап паўночны і Памяць Мічурына. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання ў вытв-сці паўсюдна.

Дрэва буйнарослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні. Сорт ураджайны, сярэднеўстойлівы да грыбных хвароб. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка зялёна-жоўтая, ярка-чырв. з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер.; захоўваецца да красавіка.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)